G
enby!

Міхал Казімір Агінскі | Урокі гісторыі з Андрэем Унучакам і Сяржуком Брышцелем

Міхал Казімір Агінскі — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, паэт, мецэнат. Паходзіў з роду князёў Агінскіх, прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Рана страціў бацьку і гадаваўся пад апякунствам спачатку дзеда — вялікага гетмана літоўскага Міхала Сервацыя Вішнявецкага, потым пад наглядам ваяводы віцебскага Марцыяна Агінскага, пасля яго выхавацелем стаў канцлер літоўскі Фрыдэрык Міхал Чартарыйскі. Пра маладыя гады Міхала Казіміра захавалася мала звестак, ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасці да мастацтва. Па парадзе М. Чартарыйскага Міхал Казімір пачаў ваенную кар’еру, а ў 18-гадовым узросце быў дэпутатам сейма. З 1753 ён падарожнічаў па Заходняй Еўропе. Наведаў Дрэздэн, Вену, Парыж, дзе практыкаваўся ў асноўным у музычным мастацтве. Атрымаў музычную адукацыю, ігры на скрыпцы вучыўся ў Джавані Батыста Віёці. Талент Агінскага ўсхваляў у сваіх мемуарах Дэні Дзідро. У 1761 годзе Міхал Казімір вярнуўся на радзіму, ажаніўся з дачкой М. Чартарыйскага Аляксандрай, за якой атрымаў Слонімскую эканомію, дзе пазней стварыў славутую «сядзібу муз». У 1768 М. К. Агінскі стаў вялікім гетманам літоўскім, а праз тры гады далучыўся да Барскай канфедэрацыі. У ноч на 12 верасня 1771 года 2,5-тысячны атрад гетмана ў баі пры Сталовічах разбіты 1-тысячным атрадам Аляксандра Суворава. Пасля гэтага Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва ўсходняй Беларусі, ужо далучанай (1772) да Расіі, былі канфіскаваны. У 1775 ён атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганнямі былі адноўлены колішнія гасцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валынню. У хуткім часе Слонім ператварыўся ў «паўночныя Афіны». Пры сваім двары М. К. Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу — «Дэпартамент балетных дзяцей», дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў оперы «Зменены філосаф», «Елісейскія палі» і інш. Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам «Слонімскі грамадзянін» перадавых для свайго часу зборнікаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і не-байкі» (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з «Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 года ў Слоніме». Як мецэнат М. К. Агінскі рабіў ахвяраванні для кляштара і касцёла ў Смілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. У 1781 годзе Міхал Казімір Агінскі быў прызначаны намеснікам Літоўскай правінцыі, а праз год выехаў за мяжу. Быў у Бруселі, Амстэрдаме, Берліне, Вене, вандраваў па Англіі. Наведваючы Прусію, прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, каб вярнуць свае маёнткі ў Расіі. У 1793 Агінскі адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы. Падчас паўстання Т. Касцюшкі, ён знаходзіўся ў Вільні. Цяжка хворы, былы гетман па-ранейшаму займаўся музыкай, нават наладзіў сяброўства з Францам Іозефам Гайднам. У кан. 1795 М. К. Агінскі пераехаў у Варшаву, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця. Падпісвайцеся на наш канал і цісніце на званочак, каб не прапусціць новыя відэа.

Смотрите также