Пятроўскія спевы і карагоды
відэа І. Узлова Жаночыя карагоды з пятроўскімі песнямі абыходзяць вёску, заклікаючы далучыцца да святкавання. Пры сустрэчы з падарожным жанчыны пачынаюць вадзіць вакол яго карагод, тым самым прывячаючы і запрашаючы далучацца да святкавання. Трапіць у такі карагод лічыцца добрай прыкметай. Важна, што замужнія і незамужнія жанчыны ідуць у асобных карагодах. Калі ж нейкая жанчына не хоча далучыцца да карагода, то іншыя спяваюць адмысловую жартаўлівую песню ля яе дома. У наш час мужчыны альбо асобна, альбо ўслед за жаночымі карагодамі таксама могуць абыходзіць вёску. Але звестак пра асобныя мужчынскія карагоды не было, то нельга сказаць што такая традыцыя існавала. Пра карагод на Петрака ў в. Обчын запісаў Сяргей Выскварка ў 2000 годзе ў в. Обчын Любанскага раёна Мінскай вобласці ад Надзеі Іванаўны Кукраш, 1921 г.н., мясцовай, праваслаўнай, адукацыя 2 класы: “ Дзевачкі сваім гуртом ходзяць, а жанчыны сваім гуртом па розных вуліцах. Хлопцы ж так тожа за дзеўкамі валочацца. Так сабе ідуць у след. Каторы мажэ дак і падпявае. А от як сустрэнуцца гурты, у нас казалі хеўра, ну ето кумпанія, дак і прывітаюцца гурт з гуртом, катора смялейша з дзевак дак скажа : Добрага дня вам жанчынкі, і ў адказ жанчыны: і вам Божа добрага здароўя надавай. А дзяўчаты могуць і разам: Дай Божа добра Пятра згуляць і ў здароўі жніва пачаць. Ну дык кружочка аднаго вялікага паводзяць. Пятрову ночку папяюць і ідуць агню накладуць”. Падчас карагодаў і скокаў старэйшыя мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам Алены Міхаленя гатуюць агульную юшку і частуюць ёй гасцей і ўдзельнікаў свята. Іншыя інгрэдыенты юшкі прыносяць мясцовыя жыхары. Існаванне юшкі ў якасці святочнай стравы менавіта ў в. Шыпілавічы падаецца вельмі лагічным, бо вёска месціца ля значнай мясцовай ракі Арэсы