G
enby!

З сябрам па прытоках Нёмана

Шчыра вітаю вас, сябры! Распавяду гэтым разам пра вераснёвае падарожжа з сябрам на захад Беларусі. Зараз, калі ўжо ўсталявалася сапраўднае восеньскае надвор’е – з прымаразкамі, працяглай пахмурнасцю, а, часам, і цярушачым дожджыкам, – падумалася, што гэта добрая нагода, каб прыгадаць тую вандроўку, якая адбылася, калі шчэ можна было пялёхацца ў рэчцы, а мой улюбёны галавень паводзіў сябе па-летняму, прымаючы спінінгавыя прынады за падаючых на ваду насякомых. І вось куды, вы думаеце, мы рушылі тымі лагоднымі днямі? Канешне ж, на рэчкі! Нейкае магічнае прыцягненне маларэчча вабіць не толькі мяне, але ўжо і напарніка. Бо шмат цікавых расповедаў давялося сябру выслухаць пра мае прыгоды па ўлюбёных рачулках. Тады ж надарылася магчымасць мне паказаць, а яму пабачыць усё ўвачавідкі. Вырашылі за тры дні ахапіць дзве ракі, абедзве – прытокі Нёмана. Першая знаходзілася ў Іўеўскім раёне, другая – на памежжы Мінскай і Гродзенскай абласцей. Трэба сказаць, што калі маршрут, прыкладна спланаваны загадзя, асабліва змяняць мы не сталі, то напрамак рыбалоўлі падкарэктаваўся пад надвор’е, прынамсі мною. Так бы мовіць, гэта была чарговая спроба працягнуць лета, то бок палавіць лёгкім спінінгам белага драпежніка. Таму, пакінуўшы ў машыне скрыні з акунёвай гумай ды вярчалкамі, крочыў па рэчцы Гаўі з воблерамі, рабочы набор якіх сфармаваўся цягам цёплай пары года. Галавень рэагаваў на прынады досыць бадзёра. Трапляліся галавачыкі невялікія, але добра было атрымаць шмат разнаякіх дзяўбуноў ды патрымаць у руках прыгожых і духмяных рыб. …Раніца пачалася з таго, што напарнік вырашыў адхіліцца ад спінінгавай тэмы і апрабаваць новую вуду – не спужаў яго нават неспадзяваны дождж, што зацярушыў якраз на світанку, – я ж пачатак дня правёў за разважаннямі, куды лепей сёння падацца. Спачатку разважаў ў намёце, а потым і ля вады, дыхаючы гаючым водарам хваёвага лесу ды ўжо больш сціплага, чым летам, рачнога разназёла. Мелася ў мяне на прыкмеце цікавая мясціна, якую сёлета не атрымалася добра праверыць – толькі аднойчы хуценька прабегся, вызначыўшы тую дзялянку як перспектыўную па акуню. З паласатага драпежніка пачалося ўсё і зараз. Але ж самі ведаеце, хто мне не даваў спакою, – галаўні. Прабіраючыся па крапіве, лаўжам ды размаітым хмызам і байракам, спрабаваў кідаць па чарзе найлепшыя сёлета прынады. Мо і не надарыцца больш іх паспрабаваць, дык вось і “выгуляю” напаследак, раптам якая “стрэліць”. Спачатку нешта замінала: то “барада” утворыцца на катушцы, то на галіну закіну і, зламаўшы, цягну яе праз рэчышча. Але нарэшце ўсё сталася належным чынам: вось воблер плюхаецца дзе трэба, затым павольна сплынае між дальнім берагам і кілімам расліннасці з майго боку, а калі пачынаю рабіць праводку – чуйдух атрымліваю моцны ўдар, усплёск і нават выскокванне з вады! Як жа гэта па-галаўнёваму, сябры! Ну а далей атрымалася шчэ і замацаваць поспех, злавіўшы пару невялікіх галавачыкаў, а паміж імі і акунёў – у разнастайных мясцінах ды на розныя прынады. Карацей, усё ў тую вандроўку здзейснілася як мае быць. Але ж падарожжа на тым не скончвалася, бо наперадзе чакала другая рэчка… Рушылі мы на Заходнюю Бярэзіну праз старажытнае мястэчка Вішнева, дзе агледзелі велічны касцёл ды пасмакавалі крынічнае вады. Бываючы ў гэтых мясцінах, заўсёды стараюся ўзяць той вады і з сабою, каб потым заварыць на маляўнічым рачным беразе духмяную гарбатку ці якую страву згатаваць. Вось, быццам, дробязь, але ж нейкі асаблівы сімвалізм у гэтым ёсць. Можна сказаць, рака там цячэ праз адзін суцэльны багністы поплаў. Балазе з двух бакоў насыпалі хоць і вузкія, але досыць высокія і добрыя гравейкі. Утульных палян, каб спыніцца з начлегам турыстам, вандроўнікам ці рыбарам, амаль няма. Але адну з іх я даўно прыкмеціў – менавіта туды мы і прыехалі. І тут мне зноўку пашанцавала адразу трапіць на галаўнёў – быццам бы тыя стаялі ды чакалі свайго, так бы мовіць, заўзятара. Невялікія, праўда, яшчэ і дацягнуць да аб’ектыва здымача не здолеў, але пабачыў, патрымаў – і гэта натхняла. А падарункам ад Бярэзіны тым надвячоркам стаў вельмі нечаканы шчупак, бо ўзяўся на той самы маленькі ваблерок, на які надоечы на першай рэчцы лавіў галаўнёў. Ужо аднае гэтае было досыць, каб склалася добрае ўражанне аб ветлівасці рачулкі. Затым былі ладныя плоткі ў сябра на вуду, прыгожы від лукавіны, адной са шматлікіх на павілястай рацэ, да якой прысуседзіўся наш узлесак, і чароўная павольная вада са свінцовым блішчаком і водблескамі зорак у ёй. Уранку заставалася развітацца з галаўнямі, атрымаўшы некалькі бадзёрых дзяўбуноў, прачытаць прыгожы восеньскі верш дзіўнаму прыбярэжнаму лесу, пацешыцца самотнымі грыбамі ды рушыць далей. А напрыканцы знячэўку надарылася спаткаць ля самай дарогі дзікіх коней, што ласаваліся калгаснай кукурузай. Не ведаю, ці варта тарпанаў частаваць хлебам, але яны яго самі выпрасілі сваімі фацэтнымі ды цікаўнымі пысамі – кожнаму па лусце якраз і атрымалася. Згадзіцеся, цікавей сканчэння нашае вандроўкі, мабыць, і нельга было прыдумаць… Дзякуй за ўвагу!

Смотрите также